ПАЎНО́ЧНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ (Northern Territory),
адм. адзінка на Пн Аўстраліі. Пл. 1,4 млн. км². Нас. 187,1 тыс. чал. (1997), у т. л. больш за 30 тыс. аўстралійцаў-абарыгенаў. Адм. ц., гал. порт — г. Дарвін. Займае пясчанікава-вапняковае плато выш. 200—300 м, на Пд невял. горныя хрыбты выш. да 1510 м. Радовішчы уранавых, медных, алюмініевых, марганцавых і інш. руд, золата. Клімат на Пн трапічны, мусонны, на Пд пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 29 °C, ліп. ад 24 °C на Пн да 12 °C на Пд. На Пн выпадае штогод да 1500 мм ападкаў, на Пд каля 200—300 мм. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, на Пн — трапічныя рэдкалессі і хмызнякі. Аснова гаспадаркі — здабыча карысных выкапняў і мясная жывёлагадоўля. Здабыча уранавых і марганцавых руд, золата, нафты. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і буйвалаў (разам каля 1,5 млн. галоў). Невялікія пасевы кукурузы, сорга, арахісу, фасолі, рысу, соі. Агародніцтва (дыні, кавуны, памідоры). Садоўніцтва (апельсіны і бананы). Марское рыбалоўства. У прам-сці пераважае харч. галіна (мясная, рыбакансервавая). Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці адзення, буд. матэрыялаў, метал. вырабаў, сувеніраў. Турызм. Транспарт пераважна аўтамабільны.
т. 12, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)